ГЕРМА́НАВІЦКІ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры «віленскага барока». Пабудаваны ў 1787 з цэглы ў в. Германавічы (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Храм падоўжнай сіметрычна-восевай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф і паўкруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 5-яруснымі чацверыковымі вежамі са скразнымі лучковымі і арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, вуглавымі лапаткамі, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Асн. плоскасць гал. фасада паміж вежамі завершана шчытом, дэкарыравана пілястрамі. У арх. дэкоры гал. фасада выкарыстаны сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Прафіляваны антаблемент інтэр’ера дэкарыраваны лепкай, хоры — ляпнымі выявамі муз. інструментаў.
А.М.Кулагін.
т. 5, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)